3 лістапада 2017 года ў сценах Інстытута журналістыкі БДУ адбылася вечарына “Вобразы мілыя роднага краю”, прысвечаная святкаванню 135-годдзя з дня народзінаў славутага беларускага паэта і пісьменніка, публіцыста, перакладчыка, дзеяча беларускай культуры Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Якуба Коласа). Арганізатарамі вечарыны выступілі: пярвічная арганізацыя БДУ РГА “Белая Русь”Маскоўскага раёна сталіцы і Фундаментальная бібліятэка БДУ.
Вечарына пачалася з праслухвання верша “Савецкія людзі” ў выкананні Якуба Коласа, запіс якога захоўваецца ў фондах інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Госць мерапрыемства – Таццяна Мікалаеўна Дасаева - доктар філалагічных навук, загадчык кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры, беларуская літаратуразнаўца, лаўрэат конкурсу “Жанчына года БДУ” (2016 г.) у намінацыі навукова-метадычная работа, а таксама пераможца конкурсу імя Я.І Пічэты за 2017 г. ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук у намінацыі “Навука” за цыкл навуковых манаграфій і навучальных дапаможнікаў па беларускай літаратуры і журналістыцы падзялілася сваімі ведамі аб жыцці і творчасці Якуба Коласа. Асобую ўвагу Таццяна Мікалаеўна звярнула на асветніцкую дзейнасць паэта, яго прыхільнасць да настаўніцтва. З цеплынёй даследчыца прыгадала сваё першае дзіцячае знаёмства з творчасцю Якуба Коласа і нават паказала першую кніжку, падораную бацькам, беларускім пісьменнікам Іванам Жуком.
Вельмі ярка, эмацыянальна расказала пра гісторыка-культурную значнасць Якуба Коласа і Янкі Купалы ў культурнай памяці беларускага народа і ў вобліку сучаснай Беларусі Ірына Валер’еўна Казакова, намеснік старшыні пярвічнай арганізацыі БДУ РГА “Белая Русь”, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ.
Акрамя цікавай інфармацыі пра жыццё і дзейнасць Якуба Коласа Ірына Валер’еўна прапанавала студэнтам віктарыну аб памятных фактах, звязаных з Якубам Коласам, чым вельмі ажывіла, выклікала яшчэ большы станоўчы настрой слухачоў.
Неменш моцнае ўражанне з’явілася ў студэнтаў і выкладчыкаў пры праслухоўванні верша Якуба Коласа “Слова” ў выкананні японскага магістранта Танака Хітошы. Самі студэнты Інстытута журналістыкі праявілі ініцыятыву пры падрыхтоўцы мерапрыемства, многія захацелі прачытаць напамяць любімыя радкі з твораў Якуба Коласа.
У новым гучанні на вечарыне слухачы маглі пачуць “Мой родны кут” Якуба Коласа, які праспявалі студэнткі першага і другога курсаў Інстытута журналістыкі. Пранікнёны настрой аўдыторыі памаглі стварыць вершы Якуба Коласа, прысвечаныя тэме кахання, любові да роднага краю, патрыятызму.
Напрыканцы, слова ўзяла член пярвічнай арганізацыі БДУ РГА “Белая Русь”, куратар мерапрыемства В.А. Горбач, дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, якая падзякавала гасцям і ўдзельнікам за працу і зачытала публіцыстычны зварот Якуба Коласа да беларускай моладзі.
Студэнты-выступоўцы атрымалі ў падарунак цудоўныя выданні твораў Якуба Коласа і кнігі, прысвечаныя творчасці класіка. Вечарына парадавала ўсіх цеплай атмасферай і ўтульнасцю.