Спадарыня Наталля – аўтарка найцікавейшых кніжак для дзяцей “Прыгоды маленькай машынкі” і “Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй”. Казачніца прыйшла на сустрэчу не адна, а з той самай авечкай Адэляй і яе сяброўкай, козачкай Малімонкай. І тут іх чакала неспадзяваная сустрэча з другой авечкай Адэляй, вобраз якой адмыслова да прыходу казачніцы стварыў лялечны тэатр “Пацешка”.
Падчас сустрэчы прагучала некалькі гісторый, што здараліся з Адэляй. Наталля Бучынская падзялілася навінай пра тое, што на сваім шляху да поспеху Адэля адолела новую прыступку – зусім нядаўна яна стала тварам кукурузных палачак “Адэлька”.
Хлопчыкі і дзяўчынкі, вучні сярэдняй школы № 60, нястомна задавалі пытанні наконт Адэлі: колькі авечцы год, ці шмат яна падарожнічае і навошта Адэлі электронная паштовая скрыня. А самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі ад Наталлі Бучынскай падарункі. Адбылася сапраўды, незабыўная сустрэча з авечкай Адэляй і яе стваральніцай!