Увага! Спайсы!
Наркатычныя сумесі для палення, вядомыя як спайсы, з’яўляюцца адной з самых злабадзённых праблем нашага часу. Гэтыя травяныя сумесі, у склад якіх уваходзяць сінтэтычныя рэчывы, з’явіліся ў Еўропе ў пачатку 21-га стагоддзя і хутка сталі вельмі распаўсюджанымі. Пра спайсы не чуў хіба што глухі, бо СМІ неадрнаразова асвятлялі жудасныя гісторыі, звязаныя з ужывальнікамі гэтых сумесяў для палення.
Мы ўсе ведаем, што спайсы шкодзяць чалавечаму арганізму, але ці верым мы гэтаму? Ці з’яўляюцца жахлівыя гісторыі аб наступствах ужывання спайсаў пераканаўчымі для моладзі?
Для таго, каб упэўніць у шкодзе спайсу, а значыць і прадухіліць ад ужывання гэтай атруты, дзіцячая бібліятэка № 6 імя В.Віткі 9 красавіка запрасіла да сабе з лекцыямі каардынатара моладзевай праграмы “Урокі жыцця” лектара-кансультанта Ігара Міхайлавіча Якімава.
Ігар Якімаў – адзін з таленавіцейшых прамоўцаў, ён размаўляе з моладдзю на адной мове і дзякуючы гэтаму яго словы гучаць асабліва пераканаўча. Вучні сёмых класаў сярэдняй школы № 60, што прыйшлі на сустрэчу, пачулі не толькі пра шкоду сумесяў для палення, але і даведаліся пра псіхалогію нарказалежных, пра тое, як і ў якіх абставінах чалавек становіцца лёгкай ахвярай спакусы, якая можа каштаваць жыццё. Напрыканцы гутаркі на пытанне “Ці будзеце спрабаваць спайсы, калі вам прапануюць?” не было ніводнага станоўчага адказу.
Спадзяёмся, гэта падцверджанне таго, што лекцыя была пераканаўчай, а гэта значыць, што лектар за тры гадзіны ўратаваў, магчыма, некалькі маладых жыццяў.